ІЗАМАРФІ́ЗМ І ГОМАМАРФІ́ЗМ у логіцы,
паняцці, якія характарызуюць адносіны паміж структурамі аб’ектаў, сістэм, вобразаў і інш. Сістэмы ізаморфныя, калі кожнаму элементу адной з іх або кожнай аперацыі (сувязі) у адной сістэме адпавядае элемент, аперацыя (сувязь) у другой і наадварот. Поўны ізамарфізм можа быць толькі паміж абстрактнымі аб’ектамі (гл. Абстракцыя). Ізамарфізм звязаны не з усімі, а толькі з некаторымі ўласцівасцямі і адносінамі аб’ектаў, што параўноўваюцца; інш. ўласцівасцямі і ў інш. адносінах яны могуць адрознівацца. Калі адпаведнасць адназначная толькі ў адзін бок, сістэмы гамаморфныя. Гамаморфны вобраз — гэта няпоўнае, прыблізнае адлюстраванне структуры арыгінала (напр., адносіны паміж картай і мясцовасцю, паміж грамзапісам і гукавымі ваганнямі паветра). У тэорыі пазнання паняцці І. і г. выкарыстоўваюцца пры аналізе адпаведнасці паміж вобразам і прадметам, тэорыяй і аб’ектам, пры аналізе пераўтварэння інфармацыі. Паняцці І. і г. цесна звязаны з паняццем мадэліраванне.
т. 7, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)